СТАРАДРУКАВА́НАЯ КНІ́ГА, старадрукі,

умоўная назва кніг, выдадзеных у пэўнай краіне на працягу некат. перыяду пасля ўзнікнення ў ёй кнігадрукавання. Храналагічныя рамкі ўжывання тэрміна «С.к.» ў розных краінах не супадаюць. Зах.-еўрап. кнігі, выдадзеныя ў 15 ст., называюць інкунабуламі, кнігі І-й пал. 16 ст. — палеатыпамі. У Расіі старадрукамі называюць кнігі 16—17 ст. (зрэдку і 18 ст.). Кнігі першага ўсх.-слав. і бел. першадрукара Ф.​Скарыны, С.к. кірыліцкага шрыфту, выдадзеныя на Беларусі ў 16—18 ст., улічаны ў паказальніках «Бібліяграфічны спіс беларускіх старадрукаваных выданняў XVI—XVIII стст.» (складальнік Г.​Я.​Галенчанка, 1961), «Каталог беларускіх выданняў кірыліцкага шрыфту XVI—XVII стст.» (складальнік В.​І.​Лук’яненка; вып. 1—2, 1973—75), «Кніга Беларусі» (1986). Апісанню ўсх.-слав. старадрукаў прысвечаны каталогі выданняў кірыліцкага шрыфту, складзеныя кнігазнаўцамі А.​С.​Зёрнавай, І.​В.​Паздзеевай, Я.​Л.​Неміроўскім, Ю.​А.​Лабынцавым, Я.​Дз.​Ісаевічам, Т.​А.​Быкавай і інш. С.к., выдадзеныя на Беларусі на замежных мовах, найб. шырока прадстаўлены ў «Польскай бібліяграфіі» К.​Эстрэйхера. С.к. збіраюцца, зберагаюцца і навукова апрацоўваюцца ў многіх б-ках свету. На Беларусі самыя вял. калекцыі старадрукаў захоўваюцца ў Нац. б-цы Беларусі і Цэнтр. навук. б-цы імя Я.​Коласа Нац. АН Беларусі.

Л.​І.​Збралевіч.

т. 15, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)